Інстытут літаратуры заснаваны ў сістэме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 29 сакавіка 1931 года на базе былой кафедры літаратуры Акадэміі.
У пачатку 1931 года склалася агульная структура Інстытута як навуковай установы акадэмічнага профілю ў сістэме БАН, вызначыліся асноўныя напрамкі яго дзейнасці і сама назва — Інстытут літаратуры і мастацтва.
У 1935 годзе рэарганізаваны ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва. У сувязі са змяненнем структуры АН БССР была прынята пастанова ЦК КП(б)Б, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што з мэтай канцэнтрацыі і павышэння якасці навукова-даследчай работы, а таксама ўмацавання кіраўніцтва і ўкамплектавання кадрамі навукова-даследчых устаноў лічыць неабходным правесці рэарганізацыю наступных навукова-даследчых устаноў:
па Беларускай акадэміі навук:
- Стварыць на базе інстытутаў літаратуры, мастацтва і мовы адзін інстытут – літаратуры, мастацтва і мовы.
Зацвердзіць часова выконваючым абавязкі дырэктара інстытута т. Вольскага.
Паставіць перад інстытутам у якасці бліжэйшай і асноўнай задачы – падрыхтоўку высокакваліфікавных кадраў і хутчэйшы выпуск падручніка беларускай мовы, слоўнікаў і кіраўніцтва па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва".
У 1936 – 1937 гг. Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы ўзначальваў А. А. Александровіч. У 1937 годзе некаторы час абавязкі дырэктара інстытута выконваў Р.В.Краснеўскі, а з 1937 г. па 1952 г. дырэктарам быў В.В. Барысенка.
З канца 30-х гадоў у друку сталі з'яўляцца артыкулы літаратуразнаўцаў В.Барысенкі, М.Ларчанкі, Ю.Пшыркова, Н.Перкіна, С.Майхровіча, В.Івашына, прысвечаныя розным праблемам гісторыі беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст., жыццю і творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча.
У 1940 годзе ў складзе аб'яднанага інстытута было 20 чалавек. У іх ліку 1 акадэмік, 2 члены-карэспандэнты, 1 прафесар, 10 старшых навуковых супрацоўнікаў, 2 работнікі навукова-тэхнічнага персаналу. Дзевяць супрацоўнікаў мелі вучоныя ступені кандыдатаў навук. Інстытут складаўся з дзвюх секцый (літаратуры і мовы) і працаваў над 5-цю навуковымі тэмамі.
Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў адноўлены ў ліпені 1944 года (да 1946 года яго часова ўзначальваў член-карэспандэнт М.Ц.Лынькоў) у складзе трох сектараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У 1945 г. у яго складзе налічвалася 26 супрацоўнікаў. Асноўнымі навуковымі напрамкамі, над якімі працаваў Інстытут у гэты перыяд, былі пытанні гісторыі беларускай літаратуры, беларускай лексікаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва ў дні Вялікай Айчыннай вайны. Былі таксама падрыхтаваныя і выдадзеныя новыя падручнікі і хрэстаматыі па беларускай літаратуры дасавецкага часу, а ў пачатку 1950-х з'явіліся першыя манаграфічныя працы (Ю.Пшыркова, С. Майхровіча і інш.).
У 1952 годзе ў Інстытуце літаратуры і мастацтва замест аднаго літаратуразнаўчага сектара было ўтворана два: сектар савецкай літаратуры і сектар дарэвалюцыйнай літаратуры. Адбыўся своеасаблівы падзел супрацоўнікаў па асноўных напрамках даследаванняў, па навуковых інтарэсах. Пашырылася тэматыка і паглыбіўся характар навуковых распрацовак, працягвалася далейшая спецыялізацыя навукоўцаў, у літаратуразнаўства прыйшлі свежыя сілы, якія былі накіраваны на даследаванне новых, яшчэ не вывучаных праблем і пытанняў гісторыі, тэорыі і тэксталогіі беларускай літаратуры; аднавілася вывучэнне і выданне даўняй пісьмовай спадчыны беларускага народа.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 2 ліпеня 1957 года Інстытуту літаратуры прысвоена імя народнага паэта БССР Янкі Купалы.
Кіраўнікі інстытута
-
Іван Іванавіч Замоцін - першы дырэктар Інстытута
Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, адзін з арганізатараў інстытута.
-
В.В. Барысенка - 1937 - 1941, 1946 - 1973
Акадэмік, доўгі час кіраваў інстытутам.
-
М. Лынькоў - 1943 - 1946
Акадэмік, кіраваў інстытутам у пасляваенны перыяд.
-
І. Навуменка - 1973 - 1982
Акадэмік, значна ўмацаваў пазіцыі інстытута.
-
В. Каваленка - 1982 - 1997
Акадэмік, спрыяў новым кірункам даследаванняў.
-
У. Гніламёдаў - 1997 - 2006
Акадэмік НАН Беларусі, вядомы вучоны-літаратуразнаўца.
-
В. А. Максімовіч - 2006 - 2008
Доктар філалагічных навук.
-
А. А. Лукашанец - 2008 - 2015
Член-карэспандэнт НАН Беларусі.
-
А. І. Лакотка - 2015
Акадэмік НАН Беларусі.
-
І. В. Саверчанка - з 2015 года па цяперашні час
Доктар філалагічных навук.
У сярэдзіне 1954 года на базе сектара беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры ў Інстытуце літаратуры і мастацтва быў створаны сектар рукапісаў і выданняў, што было выклікана патрэбамі больш інтэнсіўнай і шырокай падрыхтоўкі збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Папоўнены новымі сіламі (у 1960 годзе ў ім працавала 14 чалавек, у тым ліку А. Коршунаў, Э. Гурэвіч, М. Мушынскі), сектар атрымаў магчымасць разгарнуць больш актыўную працу па зборы, вывучэнні і выданні беларускай літаратурнай спадчыны.
Пачалася падрыхтоўка, а затым і выданне новых шматтомных збораў твораў Янкі Купалы (1961 – 1964) і Якуба Коласа (1961 – 1964), былі выдадзеныя выбраныя творы М.Багдановіча (1957) і В.Дуніна-Марцінкевіча (1958), зборнік "Беларускія пісьменнікі другой паловы ХІХ ст." (1956). Гэтая праца стала своеасаблівай навуковай школай падрыхтоўкі нацыянальных кадраў тэкстолагаў, а яе практычныя вынікі мелі важнае навукова-асветніцкае і агульнакультурнае значэнне.
Яна была высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі, з'явілася важкім дасягненнем не толькі калектыву Інстытута літаратуры, але і ўсяго беларускага літаратуразнаўства, засведчыла іх навуковую сталасць. У гэтай "Гісторыі..." на вялікім фактычным матэрыяле ўпершыню шырока, грунтоўна і аб'ектыўна быў прасочаны шматвяковы, вельмі складаны шлях развіцця літаратуры на беларускіх землях, неадлучны ад лёсу народа, раскрыта вялікае ідэйна-мастацкае багацце яе здабыткаў, высокі, сапраўдны еўрапейскі ўзровень творчай спадчыны найбольш выдатных яе прадстаўнікоў.
На грунце беларускамоўнай "Гісторыі..." была напісана і апублікавана аднатомная "История белорусской дооктябрьской литературы" (1977). Яна шмат у чым была арыгінальнай працай, месцамі значна пераўзыходзіла папярэднюю і адыграла важную навукова-асветніцкую ролю ў азнаямленні больш шырокага кола чытачоў з багатай гісторыяй літаратуры беларускага народа. Асноўнымі аўтарамі раздзелаў пра літаратуру ХІ – пач. ХХ ст. былі А.Коршунаў, А.Мальдзіс, М.Мушынскі, Ю.Пшыркоў, П.Дзюбайла, В.Каваленка, В.Барысенка, Н.Перкін, М.Ярош, за што ўсе яны былі адзначаны ў 1980 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
Значныя манаграфіі вучоных інстытута
Сапраўднай падзеяй у навуковым жыцці рэспублікі сталі манаграфіі А.М.Адамовіча "Маштабнасць прозы" (1972), "Здалёк і зблізку" (1976), Н.С.Перкіна "Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры" (1971), "Человек в советском романе" (1975), М.І.Мушынскага "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гг." (1975), І.Д.Ралько "Вершаскладанне" (1977), "Верш і мова" (1986), У.В. Гніламёдава "Традыцыі і наватарства" (1972), "Сучасная беларуская паэзія" (1983), В.П. Жураўлёва "Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм" (1978), А.П. Матрунёнка "Псіхалагічны аналіз ў сучасным беларускім рамане" (1972), "Псіхалагічная проза: Традыцыі і час" (1988), А.С. Яскевіча "Грані майстэрства" (1974), "У свеце мастацкага твора" (1977), "Становление белорусской художественной традиции" (1987), І.С. Шпакоўскага "Структура вершаванага вобраза" (1972), А.К.Кабаковіч "Беларускі свабодны верш" (1984), "Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі" (1989), Л.Я.Гараніна "Праблемы мемуарнага жанра" (1981), "Философские искания в белорусской литературе" (1984) і інш.
Шмат увагі ў аддзеле аддавалі даследчыкі праблемам паэтыкі і творчага стылю: У.В. Гніламёдаў "Іван Мележ" (1984), "Янка Купала: Новы погляд" (1995), В.П. Жураўлёў "Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана" (1991), А.К. Кабаковіч "Максім Багдановіч: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага" (1978), Э.М. Мартынава "Мастацкая дэталь у літаратурным творы" (1977), І.С. Шпакоўскі "Тыпізацыя ў лірыцы" (1980), Т.К.Чабан, "Крылы рамантыкі" (1982), Т.К.Чабан, Я.А. Гарадніцкі "Сучасная паэзія і фальклор" (1988), А.С.Яскевіч "Ритмическая организация художественного текста" (1991).
Ордэн Дружбы народаў
У 1981 годзе Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы першым у краіне сярод навуковых устаноў падобнага профілю быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народа.
Вучоныя інстытута за 70-гадовы перыяд дзейнасці ўнеслі вялікі ўклад у развіццё айчыннай гісторыка-літаратурнай думкі і асобных літаратуразнаўчых дысцыплін (тэорыя літаратуры, літаратурныя ўзаемасувязі, параўнальнае літаратуразнаўства, тэксталогія, крыніцазнаўства, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства і інш.) Іх поспехі ў немалой ступені тлумачацца актыўным выкарыстаннем багатага вопыту папярэднікаў, творчым засваеннем лепшых традыцый сусветнага, у прыватнасці рускага, украінскага літаратуразнаўства. Як падказвае жывая практыка, гэта -- найбольш пленны шлях развіцця, таму што вытокі нацыянальнай навуковай і літаратурна-крытычнай думкі знаходзяцца ў помніках старажытнай пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях да перакладаў «Бібліі» Францішка Скарыны, у творах Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага, у школьных рукапісных піітыках і рыторыках XVIII ст. Пры гэтым павінны быць названыя таксама імёны М. Багдановіча, Я. Карскага, М. Гарэцкага, М. Янчука, А. Навіны (А Луцкевіча), В. Ластоўскага, У. Самойлы і іншых, якія ўнеслі немалы ўклад у нацыянальнае Адраджэнне.
Асабліва значныя заслугі ў развіцці нацыянальнага літаратуразнаўства — вучоных Інстытута беларускай культуры (1922—1928) — папярэдніка і своеасаблівага архетыпа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Намаганнямі выдатных прадстаўнікоў Інбелкульта I. Замоціна, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага і іншых закладзены трывалыя навукова-тэарэтычныя і метадалагічныя асновы далейшага вывучэння пісьменнасці і новай літаратуры. Створаны шэраг сур'ёзных прац гісторыка-літаратурнага і тэарэтычнага характара. Найбольш вядомыя з іх — «Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў» Я. Барычэўскага, «Паэтыка М. Багдановіча» А. Вазнясенскага, «Гісторыя беларускай літаратуры» М. Гарэцкага.
Аўтарамі гэтых даследаванняў былі выкарыстаны важнейшыя тэарэтыка-метадалагічныя пастулаты культурна-гістарычнай школы, крытычна пераасэнсаваны і засвоены яе дасягненні, пераадолены слабыя бакі, адкінуты ўстарэлыя палажэнні (недаацэнка эстэтычнай прыроды мастацтва, непрыняцце суб'ектыўна-лірычных нерэалістычных форм адлюстравання рэчаіснасці і інш.). Культурна-гістарычны метад быў узбагачаны вопытам вывучэння беларускай славеснасці і літаратуры, і ў гэтым несумненная заслута ўспомненых даследчыкаў.
Вопыт і дабратворныя традыцыі Інбелкульта былі прадоўжаны ў Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук, створанай у 1929 г. Супрацоўнікамі Інстытута рабілася спроба напісання «Гісторыі беларускай літаратуры», але з прычыны складаных грамадска-палітычных умоў 30-х гадоў планы калектыву не сталі рэалізаванымі.
Найбольш значнымі працамі Інстытута ў пасляваенны перыяд дзейнасці з'яўляюцца «Очерк белорусской советской литературы» (1954) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956, дапаможнік для студэнтаў ВНУ). «Очерк...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі беларускай літаратуры, творчасцю вядучых пісьменнікаў. У другім калектыўным даследаванні былі намечаны шляхі пераадолення вульгарна-сацыялагічных канцэпцый і дагматычных спрошчаных поглядаў на літаратуру, форму вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Адначасова выходзіць шэраг манаграфічных і крытыка-бібліяграфічных нарысаў -- В. Барысенкі, Н. Перкіна, В. Івашына, Ю. Пшыркова. А. Адамовіча, Д. Бугаёва, В. Каваленкі, М. Яроша, К. Хромчанкі. М. Барсток, М. Грынчыка і інш.
Як адносна самастойныя напрамкі складваюцца беларускае коласазнаўства (I. Навуменка, ІО. Пшыркоў), купалазнаўства (М. Ярош і інш.). Значнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стаў выхад першага навукова-каменціраванага Збору твораў Якуба Коласа ў 12-ці тамах (1961 -- 1964), а таксама новага Збору твораў у 6-ці тамах (1961 — 1963). Абодва выданні здзейснены Інстытутам літаратуры.
Новы этап
На новы ўзровень прафесійнай дзейнасці вучоныя Інстытута выходзяць у 80—90-я гады. Пераканаўчым сведчаннем іх поспехаў могуць служыць такія фундаментальныя даследаванні абагульняючага тыпу, як калектыўныя «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—1995), дзе на шырокім фактычным матэрыяле выразна раскрыты працэс узаемаўзбагачэння дзвюх славянскіх літаратур: беларускай і рускай — ад старажытнасці да нашага часу. Заслужанае грамадскае прызнанне атрымалі аўтары шэрагу манаграфічных даследаванняў: Г. Кісялёў за кнігі «Разыскивается классик» і «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа (1990), і група аўтараў (у іх ліку В. Дарашкевіч і В. Чамярыцкі) за цыкл работ «Скарына і беларуская культура» — Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1994).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2001 года А. А Яскевіч узнагароджана прэміяй «За духоўнае адраджэнне» 2000 года.
Інстытут працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навуковага выдання нацыянальнай літаратурнай класікі: выйшлі ў свет першы ў гісторыі беларускай літаратуры Поўны збор твораў М. Багдановіча ў 3-х тамах, першыя тамы (1—6) таксама першага Поўнага збору твораў Я. Купалы ў 9-ці тамах, першы і другі тамы канцэптуальна новай «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» (1999) у 4-х тамах. Разам з Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф. Скарыны Інстытут падрыхтаваў і выпусціў у свет біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі. У 6-ці тамах», у якім змешчана звыш 1200 артыкулаў персаналій беларускіх майстроў слова, літаратуразнаўцаў і крытыкаў. Гэтыя выданні, а таксама новыя манаграфічныя даследаванні І. Навуменкі, В. Каваленкі, М. Мушынскага, У. Гніламедава, С. Лаўшука, В. Жураўлёва, М. Тычыны, У. Мархеля, Л. Гараніна, А. Яскевіча, П. Васючэнкі, Л. Гарэлік, А. Мельнікава, С. Гараніна, І. Саверчанкі, І. Багдановіч, З. Драздовай, А. Кісліцынай, Т. Чабан і іншых падпарадкаваны галоўнаму – стварэнню літаратурнай гісторыі Беларусі, прапагандзе нацыянальных мастацкіх дасягненняў.
Выданні інстытута, публікацыі новых матэрыялаў і дакументаў, асобныя манаграфічныя працы скіраваны на паспяховае вырашэнне задач, што паўсталі перад беларускімі вучонымі, -- асэнсаваць шматвяковае развіццё нацыянальнага прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, сэнсавым, жанрава-стылёвым багацці, у разнастайных сувязях з іншымі формамі духоўнай дзейнасці чалавека і з літаратурамі іншых народаў свету, раскрыць і паказаць той уклад, які ўнеслі беларускія майстры слова ў сусветную мастацкую скарбонку.
Па дамоўленасці з Міністэрствам адукацыі ў канцы 80-х была падрыхтавана разгорнутая альтэрнатыўная вучэбная праграма па беларускай літаратуры для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы (10 аўт. арк.), якая публікавалася ў часопісе «Роднае слова" на пачатку 90-х гадоў.
Сучасная структура
Усе аддзелы ўкамплектаваны (хаця і не поўнасцю) дастаткова кваліфікаванымі навуковымі кадрамі, здольнымі працаваць на ўзроўні сучасных патрабаванняў. У пачатку 2000-ых навукова-даследчая структура Інстытута ўключала 6 аддзелаў:
На сённяшні дзень ад былой структуры Інстытута засталіся 4 аддзелы (аддзел узаемасувязей літаратур, аддзел тэорыі і гісторыі літаратуры, аддзел выданняў і тэксталогіі, аддзел беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст.) і 1 сектар (сектар гісторыі беларускай літаратуры).
Пры Інстытуце ў 1976 годзе створаны Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці 10. 01. 01 (Беларуская літаратура) і 10. 01. 08. (Тэорыя літаратуры. Тэксталогія). Працуе аспірантура (з 1931 года), дактарантура (з 1989 года). За мінулы перыяд было падрыхтавана больш за 20 дактароў і звыш 150 кандыдатаў навук.
У 2012 годзе створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ў выніку аб'яднання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Цяпер гэтыя інстытуты існуюць у складзе Цэнтра ў якасці філіялаў.